Меню раздела

    Главная : Воспитательная работа : Поисковый отряд "Память"

    Поисковый отряд "Память"

     

     

     

     

     

     

    Атрад «Памяць»

     

    СПРАВАЗДАЧА ВАЕННА-ПАТРЫЯТЫЧНАГА ПАХОДА

    Кароткае апісанне баявых дзеянняў (1941 – 1944 гг.) на тэрыторыі Бабруйскага раёна

    План

    1.     Абарончыя баі

    2.     Акупацыйны рэжым

    3.     Падпольная і партызанская барацьба

         4.  Вызваленне Бабруйшчыны

         5.  Героі Бабруйшчыны

    1. Абарончыя баі.

    Бабруйскі напрамак  у 1941 г. прыкрывала 4-я армія Заходняга фронту, якой камандаваў генерал-маёр А.А.Карабкоў. Але яна ўжо ў прыгранічных баях панесла цяжкія страты, і яе абяскроўленыя дывізіі з баямі адыходзілі да Бабруйска.

    Гітлераўскае камандаванне, улічваючы важнае стратэгічнае значэнне горада, сканцэнтравала на гэтым напрамку 6 матарызаваных і 4 танкавыя дывізіі 2-й танкавай групы генерала Г.Гудэрыяна.

             Утрымаць горад без моцнай супрацьтанкавай сістэмы абароны было немагчыма. Таму было вырашана арганізаваць абарону Бабруйска на ўсходнім беразе Беразіны, якая з’яўлялася прыроднай супрацьтанкавай перашкодай.

             26 чэрвеня ўсе часці гарнізона былі выведзены за Беразіну, каб там падрыхтаваць абарону. 28 чэрвеня ўсе савецкія войскі пакінулі горад. Раніцай таго ж дня гітлераўцы ўвайшлі ў Бабруйск.

             Перад абаронцамі рубяжа на Беразіне была пастаўлена задача: як мага даўжэй затрымаць праціўніка. Абарону трымалі асобныя часці 121-й стралковай дывізіі 47-га стралковага корпуса, курсанты аўтатрактарнага вучылішча, дарожна-эксплуатацыйны полк пад агульным  камандаваннем камандзіра 47-га стралковага корпуса генерал-маёра С.І.Паветкіна.

             Раніцай 28 чэрвеня гітлераўцы паспрабавалі з ходу пераправіцца на ўсходні бераг Беразіны, але яны былі адбіты агнём абаронцаў. Разгарнуліся жорсткія баі. Цаной вялікага напружання і страт байцы тры дні да вечара 30 чэрвеня стрымлівалі на Беразіне фашысцкія войскі. Хаця спыніць ворага не ўдалося, але за гэтыя дні яму былі нанесены адчувальныя страты і выйграны час для стварэння абарончага рубяжа на Дняпры.

    2. Акупацыйны перыяд.

             Так для Бабруйшчыны пачаўся найцяжэйшы перыяд у яе гісторыі – гітлераўская акупацыя. На акупіраванай тэрыторыі раёна нямецка-фашысцкія захопнікі ўстанавілі так званы “новы парадак” – рэжым рабаўніцтва, гвалту, катаванняў, масавых растрэлаў і забойстваў мірнага насельніцтва.

             Бабруйшчына на тры гады стала часткай тылу фашысцкай групы армій “Цэнтр”. Ваенна-адміністрацыйныя функцыі выконвалі створаныя вермахтам палявыя і мясцовыя камендатуры.

             Для падтрымання свайго “парадку” гітлераўцы стварылі з мясцовых жыхароў, якія перайшлі да іх на службу, дапаможную паліцыю аховы парадку. Гарнізоны з такіх паліцэйскіх былі створаны амаль ва ўсіх буйных вёсках раёна і ў горадзе.                                                          

             Адным з самых жахлівых бакоў фашысцкага акупацыйнага рэжыму было правядзенне генацыду ў адносінах да яўрэяў. Вядома, што да вайны ў Бабруйску значную частку жыхароў складалі яўрэі. На вуліцы Шашэйнай каля фабрыкі “Чырвоны харчавік” было створана гета, у якім за час акупацыі загінула звыш 20 тысяч яўрэяў. Масавыя растрэлы пачаліся ўжо летам 1941 г. Адно з вядомых месцаў масавых растрэлаў яўрэяў знаходзіцца каля в.Каменка на правы бок ад Слуцкай шашы.

    Яшчэ адным месцам масавага знішчэння мірных грамадзян і ваеннапалонных стаў лагер смерці, створаны нямецка-фашысцкімі захопнікамі летам 1941 г. на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці. Пад канец года ў ім было каля 60 тысяч вязняў, з іх, больш за 20 тыс. трымалі пад адкрытым небам. З-за голаду, холаду, антысанітарных умоў успыхнула эпідэмія сыпнога тыфу. У кастрычніку-лістападзе 1941 г. за суткі памірала 600-800, зімой – да 1 тыс. чалавек. Цяжкахворых фашысты закопвалі разам з нябожчыкамі. Да жніўня 1942 г. у лагеры было загублена каля 40 тыс. чалавек.

    Гады “гаспадарання” нямецка-фашысцкіх захопнікаў на беларускай зямлі, у тым ліку і на Бабруйшчыне, прынеслі незлічоныя страты і пакуты нашаму народу. Горад Бабруйск ляжаў у руінах. У раёне было разбурана і спалена 520 жылых дамоў, знішчана амаль уся сельскагаспадарчая тэхніка, разрабавана жывёла. Агульныя страты 135 разбураных і разрабаваных калгасаў раёна перавысілі 616 млн. рублёў у даваенных цэнах.

            Але самыя вялікія, непапраўныя страты – гэта чалавечыя жыцці. За час акупацыі гітлераўцы знішчылі ў раёне 249 мірных жыхароў і вывезлі ў Германію 1787 чалавек.

    3. Падпольная і партызанская барацьба.

    Падполле ў Бабруйску і Бабруйскім раёне пачало сваю дзейнасць ужо ў ліпені 1941 г. і змагалася да самага вызвалення ў чэрвені 1944 г.  Падполле налічвала 29 груп, больш за 500 чалавек. Падпольныя групы дзейнічалі на ст.Мошны, у р.п.Глуша, вёсках Брожа, Варатынь, Васілеўка, Каралёва, Слабада, Гарбацэвічы, Осава, Казакова, Фартуны, Кругланіва, Цялуша, Чыкілі, Шчаткава, Панюшкавічы і інш. Падпольная група вёсак Шчаткава і Панюшкавічы пад кіраўніцтвам Ал.А.Маеўскага распаўсюджвала лістоўкі, падбірала людзей для партызанскіх атрадаў, перапраўляла партызанам узрыўчатку і харчы, выводзілі са строю кабель і інш.

    У снежні 1941 г. – студзені 1942 г. больш за 150 падпольшчыкаў арганізавалі 752-і партызанскі атрад, на базе якога ў лютым 1943 г. была створана  1-я Бабруйская партызанская брыгада. Камандзірам атрада, а потым і брыгады стаў В.І.Лівенцаў, камісарам Дз.А.Ляпёшкін.

          Усяго за час баявых дзеянняў брыгадай было пушчана пад адхон 57 варожых эшалонаў з жывой сілай і тэхнікай, патоплены параход на Беразіне, забіта больш чым 5 тыс. гітлераўскіх салдат, афіцэраў і паліцэйскіх. 29 лістапада 1943 г. брыгада злучылася з Чырвонай Арміяй, а праз месяц пераведзена ў тыл і расфарміравана. Камандзіру брыгады В.І.Лівенцаву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.                    

    4. Вызваленне Бабруйшчыны.

    Бабруйская наступальная аперацыя з’яўлялася часткай аперацыі “Баграціён” і праводзілася сіламі войск 1-га Беларускага фронту 23 – 29 чэрвеня 1944 г. У ёй непасрэдна ўдзельнічалі 3-я, 28-я, 48-я, 65-я арміі, конна-механізаваная група, 16-я паветраная армія, Дняпроўская ваенная флатылія, злучэнні авіяцыі далёкага дзеяння. Задача аперацыі – ударамі з раёна Рагачова ў напрамку Бабруйск – Асіповічы і з раёна на поўдзень ад Парычаў у напрамку Старыя Дарогі – Слуцк акружыць і разграміць бабруйскую групоўку ворага. Савецкім войскам процістаялі 9-я і дзве дывізіі 4-й арміі.

    24 чэрвеня войскі 65-й і 28-й армій прарвалі абарону праціўніка. Уведзены ў прарыў 1-ы гвардзейскі танкавы корпус пад камандаваннем генерал-маёра М.Ф.Панова выйшаў у тыл парыцкай групоўкі ворага. 26 чэрвеня 9-ы танкавы корпус (генерал-маёр Б.С.Бахараў) абыйшоў Бабруйск з поўдня і 27 чэрвеня злучыўся з 1-м танкавым корпусам, закончыўшы акружэнне 40-тысячнай групоўкі ворага на паўднёвы ўсход ад Бабруйска і ў горадзе. Утварыўся так званы бабруйскі “кацёл”. 29 чэрвеня Бабруйск быў вызвалены.

    У ходзе аперацыі па ліквідацыі бабруйскага “катла” былі разбіты галоўныя сілы 9-й нямецкай арміі: знішчана каля 50 тыс., узята ў палон больш за 23 тыс. нямецкіх салдат і афіцэраў, падбіта і захоплена 366 танкаў, больш за 5 тыс. гармат і мінамётаў, каля 16 тыс. аўтамашын і інш.; стварыліся спрыяльныя ўмовы для наступлення на Мінск і Баранавічы.

             За вызваленне Бабруйска ў ходзе гэтай аперацыі 20 часцям і злучэнням Чырвонай Арміі былі прысвоены найменні “Бабруйскіх”.

    5. Героі Бабруйшчыны.                           

    Бабруйская зямля багатая на сваіх герояў. Сямі нашым землякам было прысвоена высокае званне Герой Савецкага Саюза. Гэта Архіпенка Фёдар Фёдаравіч, лётчык, родам з в.Аўсімавічы, які асабіста збіў 30 самалётаў ворага.

    Капітан Болбас Аляксандр Карпавіч, які асабліва вызначыўся пры фарсіраванні р.Днепр.

    Малодшы лейтэнант Капусцін Міхаіл Дзянісавіч, удзельнік вызвалення Варшавы і баёў за Берлін.

    Камандзір артылерыйскага палка і брыгады Кірыл Пракопавіч Чарноў, удзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў.

    Маёр Шмыгун Аркадзь Пятровіч, які загінуў у самым канцы вайны 16 красавіка 1945 г. на подступах да Берліна.

    Партызан-падрыўнік Парахневіч Уладзімір Аляксеявіч, група якога пусціла пад адхон 21 варожы эшэлон.

    Лётчык-знішчальнік Пінчук Мікалай Рыгоравіч, адзін з нямногіх, хто здолеў здейсніць паветраны таран і застацца ў жывых. З 1972 г. яго імем названа піянерская дружына нашай школы.

    Калі нашы землякі пралівалі сваю кроў, абараняючы і вызваляючы іншыя землі Савецкага Саюза, а таксама еўрапейскіх краін ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, тут, на Бабруйшчыне гінулі тысячы другіх салдат і камандзіраў, таксама нечых землякоў, таксама герояў…

    Камандзір артылерыйскай батарэі капітан Арол Іван Якаўлевіч назаўсёды застаўся ляжаць каля  в.Варатынь.

    Камандзір стралковай роты капітан Чарныш Аляксандр Іванавіч са сваім падраздяленнем быў адным з тых, хто замкнуў вядомы бабруйскі “кацёл”, перагарадзіў фашыстам шлях да адступлення. Пахаваны ў в.Чарніца.

    Свой апошні бой каля в.Баяры правёў камандзір танкавага батальёна капітан Ізюмаў Мікалай Андрэявіч, экіпаж якога ў адным баі знішчыў 7 супрацьтанкавых гармат, 3 доты і каля 250 гітлераўцаў.

    Старшы лейтэнант Калодка Мікалай Аляксеявіч да апошняга ўтрымліваў плацдарм на беразе р.Беразіна каля в.Шчаткава. Там жа склаў сваю галаву старэйшы лейтэнант Маслоўскі Іван Фёдаравіч, камандзір артылерыйскай батарэі, які ў рашаючы момант бою сам стаў да гарматы і адбіў 26 контратак ворага. Утрымалі пазіцыі, цаной свайго жыцця.

    Любы жыхар в.Сычкава, любы вучань нашай школы  пакажа месца і раскажа, што за подзвіг здейсніў 30 чэрвеня 1944 г. старшы сяржант Міхаіл Рыгоравіч Селязнёў. Калі чалавек закрывае сабой амбразуру варожага дзота, свядома ідзе на смерць, такое не забываецца.

     

    Версия для слабовидящих

    ВЕРСИЯ ДЛЯ СЛАБОВИДЯЩИХ

    Автоматический переводчик

    Счетчик посещений

    Яндекс.Метрика
    ВВЕРХ
    Адрес: 213848 Могилевская область Бобруйский район п.Ленина ул.Школьная 26
    Телефон: +375225 712700
    Электронная почта: lenina@bobruisk.edu.by
    Регистрационное свидетельство № 7141403874 от 28.03.2014 (Государственный регистр информационных ресурсов)